top of page

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА. Будынак былога касцёла пры кляштары дамініканцаў

У 1683г. для іх у Клецку пачынае будавацца Дабравешчанскі касцёл(цяпер Свята-Васкрасенская царква) і дамініканскі кляштар. Касцёл пабудаваны з цэглы па фундацыі Станіслава Казіміра Радзівіла і мінскага кашталяна А.Сангушкі.



З 1783г. існавала школа, у якой займалася 10 студэнтаў кандыцыі шляхецкай. Вучыліся чытаць, пісаць, граматыцы і іншым патрэбным навукам. Прафесарам быў сам ксёндз – прыор.

Да 1830г. у нішы пасярод фасада касцёла стаяла драўляная статуя Дамініка. Алтар касцёл быў мураваны і ўпрыгожаны драўлянай разьбой з пазалотай з абразом Маці Божай пад сярэбранай шатай. Чатыры бакавыя алтары таксама былі мураваныя.



У 1832 годзе клецкі дамініканскі касцёл закрылі за тое, што сябры ордэна падтрымалі чарговае нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1830-1831 гг. У гэты час Клецк быў у складзе Расійскай імперыі.

Касцёл выклікаў цікавасць праваслаўнага духавенства. На той час старая Васкрасенская царква ўжо была зачынена з-за небяспекі разбурэння. Ад Лявона Радзівіла настойліва патрабавалі пабудовы новай бажніцы для прыхажан мястэчка і навакольных вёсак. Але князь пайшоў прасцейшым і таннейшым шляхам: пачаў дабівацца перадачы дамініканскіх муроў для праваслаўнага прыходу. Пры гэтым, усе неабходныя работы па пераабсталяванні князь браўся правесці за свой уласны кошт. 1 кастрычніка 1854 года храм быў нанава асвячоны ў імя Уваскрашэння Гасподняга. Праз тры гады з-за ветхасці зачынілі старую царкву на могілках. Сталася так, што былы дамініканскі касцёл на дваццаць гадоў аказаўся адзіным праваслаўным храмам Клецка. Сюды былі перанесены ўсе царкоўныя дакументы з былых цэркваў і некаторыя іконы. “Галоўным упрыгожаннем храма з’яўлялася старадаўняя, мясцовашанаваная цудатворная ікона Маці Божай з Прадвечным немаўлём” (з кнігі “Апісанне цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 г.).

Пасля Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. Клецк аказаўся на тэрыторыі польскай дзяржавы. Польскія ўлады не сталі адбіраць храм у праваслаўных вернікаў.

У 1937 годзе ў Клецку адбыўся страшэнны пажар, у выніку якога царква была моцна пашкоджана. У перыяд з 1937 па 1939 год храм быў адрэстаўраваны.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны царква яшчэ дзейнічала. Але на пачатку 1960-х гадоў царкву зачынілі. У будынку спачатку зрабілі клуб і спартыўную залу, а ў 1969 годзе тут абсталявалі цэхі механічнага заводу.

На пачатку 1990-х гадоў царква была перададзена праваслаўным вернікам. На Каляды ў 1994 годзе ў адноўленым храме прайшло першае набажэнства. У 2004 годзе царква быра адрэстаўрыравана.

52 просмотра0 комментариев

Недавние посты

Смотреть все
bottom of page