top of page

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА. Царква на могілках



Пакроўская (Вазнясенская) царква ўпершыню адзначаецца інвентаром Клецка ў 1626г. як уніяцкая: “Перад горадам на арыне другая царква, закладзена Вазнясенню Гасподняму”. Яна сапраўды была на пэўнай адлегласці ад горада. Храм стаяў пры ўездзе ў Клецк з боку Нясвіжа, леваруч ад гасцінца, на ўзвышшы, якое ў XVI ст. звалася гара Гарынь. Мінуючы Вазнясескую царкву Нясвіжскі гасцінец спускаўся да р.Сільная (левы прыток Лань), праз гаць вёў у Клецк і даходзіў да Рыначнай плошчы горада. Адсюль да царквы было каля 1 км. Вазнясенская царква сапраўды стаяла “на арыне”, сярод ворыва, адсюль яе другая назва – арынская царква (пазней гэтая назва пачала асэнсоўвацца як Ірынская царква). Цяпер немагчыма растлумачыць, чаму яна была збудавана не ў самім Клецку, а на водшыбе. Але гэтая акалічнасць садзейнічала яе больш доўгаму жыццю, у адрозненні ад Васкрасенскай царквы.

Пасля скасавання ў 1839 г. у Расійскай імперыі ўніяцкай царквы Вазнясенскі храм як ужо праваслаўны быў пакінуты Радзівіламі без нагляду. У 1845 г. мінскі епіскап Антоні (Зубко) прасіў губернскія ўлады, каб яны прымусілі ўладальніка горада Лявона Радзівіла адрамантаваць царкву.У 1852г. было зроблена нават імператарскае распараджэнне на гэты конт, але храм да гэтага часу так здрахлеў, што правіць яго ўжо не было магчыма. Л.Радзівілу прадпісалі скласці каштарыс на будаўніцтва новай царквы. 5 лістапада 1853 г. губернская будаўнічая і дарожная камісія яго зацвердзіла. 21 мая 1854 г. радзівілаўская адміністрацыя выдала распіску, што пабудуе царкву за 2 гады, аднак ужо ў кастрычніку пачала хадайнічаць перад епіскапам Міхаілам (Галубовічам), каб з’яднаць прыход гэтай царквы з прыходам новай Васкрасенскай царквы, зробленай з дамініканскага касцёла на Рыначнай плошчы Клецка. Усё ж адміністрацыя абяцала збудаваць і новую Пакроўскую кладбішчанскую царкву, відаць, як часовую. Пасля гэтага справа спынілася. У 1857 г., нарэшце, з Сіноду быў атрыманы дазвол на злучэнне прыходаў, а радзівілаўскую адмінстрацыю зноў пачалі прымушаць узнавіць Пакроўскую царкву. Тая склала праект храма на 150 чалавек. Мінская кансісторыя палічыла, што гэта замала. Быў сладзены праект храма на 350 чалавек, потым яшчэ адзін, на 250 чалавек. 2 сакавіка 1859 г. радзівілаўская адміністрацыя дала падпіску, што яна не марудзячы пачне будаўніцтва паводле апошняга плану, каб скончыць царкву ў тым жа годзе. Потым справа зноў спынілася. Нарэшце ў 1865 г. мясцовыя вернікі самі згадзіліся фінансаваць будоўлю новай царквы, але пры дапамозе ўраду. Падпалкоўніку Генеральнага штабу Зяленскаму загадала скласці новы праект. Ён быў разлічаны таксама на 250 чалавек, каштарыс складаў 4185 руб., якія грошы ў канцы 1868 г. паводле загада віленскага генерал-губернатара былі асігнаваны са збораў з маёнткаў Л.Радзівіла ў 1866 г. Але ў 1869 г. было атрымана распараджэнне генерал-ад’ютанта Патапава аб немарудзячым зломе старой Пакроўскай царквы, пабудове на яе месцы часоўні і аб узвядзенні наўкол агароджы – ўсё на сродкі ўладальніка Клецка. Л.Радізівіл падчас асабістай сустрэчы з генерал-губернатарам быў вымушаны даць на гэта згоду, аднак прасіў аб прысылцы праекта. Адначасова быў зроблены запыт епіскапу Аляксандру (Дабрыніну). У тым жа годзе ён адказаў, што ў Клецку ўсё ж шмат прыхаджанаў (4568 чалавек), а значыць, у горадзе павінны быць дзве царквы. Адначасова ў Мінск ў царкоўна-будаўнічае прысутствіе паступіла просьба клецкіх вернікаў збудаваць на могілках не драўляную, а мураваную царкву на 300 чалавек, дзеля чаго яны ў дадатак да маючыхся 4185 руб. абяцалі сваім коштам дастаўляць валуны на падмурак храма, даць падводы на падвоз цэглы, варны, дрэва і г.д., а таксама тры чалавекі з кожнага двара на чорную работу пры будаўніцтве. У адказ царкоўна-будаўнічае прысутствіе склала праект царквы менавіта на 300 чалавек (зацверджаны 29 мая 1871 г.). выкананне работ было даручана гаспадарчым спосабам мясцоваму прыходскаму папячыцельству пад наглядам губернскага архітэктара Іванова. Аднак праз 4 гады папячыцельства звярнулася да прысутствія з просьбай змяніць праект, бо дасланы, паводле прыкладак, запатрабаваў усяго 15000 руб. У лістападзе 1875 г. папячыцельству быў высланы новы праект. Пабудаваць царкву падрадзіўся нясвіжскі мешчанін Вольф Андрусір, які да таго паставіў у Мінскай губерні больш за 60 праваслаўных храмаў.

39 просмотров2 комментария

Недавние посты

Смотреть все
bottom of page