top of page

Асноўныя даты па гісторыі Клецка

І-V стст. н.э. – існаванне на беразе Лані, на месцы сённяшняга горада неўмацаванага паселішча культуры штрыхаванай керамікі.

2-я палова Х – сярэдзіна ХІ ст. – узнікненне старажытнага Клецка, адміністрацыйнага цэнтра славянскага племені дрыгавічоў.

1127 г. – першая летапісная згадка пра “Клечьск” у сувязі з удзелам яго князя Вячаслава Яраславіча ў паходзе на Полацкую зямлю.

ХІІ – пачатак ХІІІ стст. – Клецк – цэнтр удзельнага княства ў складзе Тураўскай зямлі.

Пачатак XIV ст. – землі Клеччыны ўвайшлі ў склад старажытнабеларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага.

5 жніўня 1506 г. – разгром войскам ВКЛ пад камандаваннем Міхаіла Глінскага крымскататарскай арды каля Клецка. Першая значная перамога над татарамі, адна з галоўных падзей ваеннай гісторыі Усходняй Еўропы.

1539 г. – першыя дакументальныя згадкі пра існаванне ў Клецку яўрэйскай абшчыны.

1552-1554 гг. – правядзенне па ініцыятыве каралевы Боны Сфорца ў Клецкім княстве адной з першых па Беларусі валочнай памеры (аграрнай рэформы), пачатак гаспадарчага ўздыму рэгіёна.

1552 г. – паводле першага падрабязнага апісання Клецка, у горадзе налічвалася 137 двароў, каля 700 жыхароў, дзейнічалі чатыры праваслаўныя царквы і каталіцкі касцёл.

1558 г. – перадача Клецкага княства Мікалаю Радзівілу Чорнаму, нашчадкі якога валодалі горадам і ваколіцамі да 1939 г.

1562 г. – філосафам Сымонам Будным у Клецку напісаны і падрыхтаваны да выдання “Катэхізіс” і “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” – першыя друкаваныя кнігі на беларускай мове на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія выйшлі ў нясвіжскай друкарні.

27 жніўня 1652 г. – Клецк атрымаў уласны герб: паляўнічы ражок пад княжацкай каронай.

1655 г. – горад захоплены і спалены войскамі маскоўскага цара, скарачэнне насельніцтва больш чым напалову, пачатак гаспадарчага і культурнага заняпаду.

30 (19) красавіка 1706 г. – разгром шведскімі войскамі пад Клецкам расійска-украінскага корпуса. Адна з важнейшых бітваў Паўночнай вайны на беларускіх землях.

1757 г. – першыя дакументальныя згадкі пра існаванне ў горадзе татарскіх двароў.

1793 г. – у выніку падзела Рэчы Паспалітай Цэнтральная Беларусь, разам з Клеччынай, далучана да Расійскай імперыі.

1796 г. – Клецк стаў мястэчкам у складзе Слуцкага павета Мінскай губерніі.

1897 г. – паводле Першага Усерасійскага перапісу насельніцтва, у Клецку пражывала 4 220 чалавек, дзейнічалі дзве праваслаўныя царквы, касцёл, мячэць, пяць яўрэйскіх сінагог. У мястэчку існавала паштовая станцыя, бальніца, аптэка, народнае вучылішча, царкоўна-прыхадская школа, паравы млын, піваварны завод, 145 крам.

1917-1921 гг. – у выніку рэвалюцыйных падзей горад перажыў частыя змены ўлады: тройчы ўсталёўвалася савецкая ўлада, амаль год доўжылася нямецкая акупацыя, двойчы Клецк займалі польскія войскі.

1921 г. – Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польскай рэспублікі. Клецк – горад у складзе Нясвіжскага павета Наваградскага ваяводства.

1924-1931 гг. – дзейнасць Клецкай беларускай гімназіі, адной з нешматлікіх беларускамоўных навучальных устаноў у міжваеннай Польшчы.

17 верасня 1939 г. – Клецк заняты аддзеламі Чырвонай Арміі. Пачатак уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

15 студзеня 1940 г. – утвораны Клецкі раён у складзе Баранавіцкай вобласці.

26 чэрвеня 1941 г. – Клецк заняты нямецкімі войскамі, пачатак акупацыі.

30 кастрычніка 1941 г. – масавы расстрэл акупантамі яўрэйскага насельніцтва. Забіта звыш 4 000 чалавек.

22 ліпеня 1942 г. – знішчэнне яўрэйскага гета ў Клецку. Загінулі каля 1 500 чалавек.

4 ліпеня 1944 г. – вызваленне горада аддзеламі Савецкай арміі.

1950-я – 1960-я гг. – фарміраванне новай гарадской забудовы, пачатак інтэнсіўнага прамысловага развіцця Клецка.

2009 г. – паводле перапісу насельніцтва Клецк стаў самым беларускамоўным горадам краіны. 75 % кляччан засведчылі, што карыстаюцца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці.

1 снежня 2011 г. – зацверджаны сцяг горада Клецка і Клецкага раёна: палотнішча з трымя гарызантальнымі палосамі блакітнага, жоўтага і чорнага колеру.

 

Блінец А.У.

45 просмотров0 комментариев

Недавние посты

Смотреть все
bottom of page