top of page

Помнім! Ніколі не забудзем!

Обновлено: 21 февр. 2020 г.

“Калі-небудзь, услед за іншымі, ад нас сыдзе апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны, і мы ўжо ніколі не зможам на свае вочы ўбачыць і падзякаваць тых, хто выратаваў для нас краіну і гэты Свет. Не спазніцца б ...” /Мікалай Манацкаў/

Семдзесят пяць гадоў мы мірна жывем у свеце, семдзесят пяць гадоў не чуем выбухаў снарадаў, не ведаем болю ад страты родных... Семдзесят пяць гадоў мы памятаем…. Памятаем і ніколі не забудзем… Як мала засталося тых, хто ведае, што такое вайна… Хто бачыў на ўласныя вочы,.. адчуваў,.. хто ішоў наперад,.. змагаўся,.. не скарыўся і выжыў!.. Як мала часу засталося, каб не спазніцца і дакрануцца да памяці яшчэ жывых сведкаў тых падзей… Адшукаць блізкіх, родных, хто хоць што-небудзь ведае, хто яшчэ памятае і можа расказаць… Як хочацца вярнуцца ў мінулае… Знайсці ўсіх, хто выжыў у гэтай страшнай вайне… І пісаць,.. пісаць,.. пісаць… Зафіксаваць, пакласці на паперу гісторыю кожнага непасрэднага ўдзельніка тых падзей, гісторыю ад першай асобы, як ёсць… У мінулым годзе фонд Музея гісторыі Клеччыны папоўніўся дакументамі і фотаздымкамі нашага земляка, ураджэнца в. Даматканавічы Клецкага раёна Волахава Івана Якаўлевіча 1918 года нараджэння, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Дакументы і фота перадала яго нявестка – Зоя Аляксееўна Волахава (доктар, у мінулым працавала ў Клецкай ЦРБ).


Службу ў шэрагах Чырвонай Арміі Іван Якаўлевіч пачаў у 1939г. ва ўзросце 20 гадоў. Затым стаў курсантам пяхотнага вучылішча. Поўнасцю закончыць курс не паспеў – пачалася вайна. Адразу пасля датэрміновага прысваення афіцэрскага звання накіраваўся на фронт. Першае баявое хрышчэнне камандзір узвода супрацьтанкавых стрэльбаў роты СТС 228-га стралковага палка 55 стралковай дывізіі Волахаў Іван Якаўлевіч атрымаў ля горада Ярцава, што пад Смаленскам. Лета 1941г. было цяжкім. Дывізія ўвесь час вяла кровапралітныя баі, адступаючы глухімі ляснымі дарогамі. У адным з такіх баёў Іван Якаўлевіч быў упершыню моцна паранены. Затым баі пад Калініным, Ноўгарадам, славутай Старой Русай… Месяцамі байцы не вылазілі з акопаў – кожны дзень бамбёжкі, шалёныя артабстрэлы. Не адзін раз уступалі з ворагам у рукапашную. Ускладнялі абстаноўку непагадзь і балоцістая мясцовасць, дзе было так мала месца для манёўраў войскам. Недзе там, каля Ноўгарада, 11 жніўня 1942г. Іван Якаўлевіч быў паранены асколкам снарада. Лячэнне праходзіў у эвакашпіталі № 4927 г. Тутаева.


48 Армія, у склад якой ўваходзіла падраздзяленне Волахава, дзейнічала на Арлоўска-Курскім напрамку. Так, наш зямляк прымаў удзел у бітве, якая вядома ўсяму свету – на Арлоўска-Курскай дузе, пра якую напісана шмат кніг і зняты кінафільмы. Рота, якой камандаваў Іван Якаўлевіч, вяла баі на самых цяжкіх участках фронту. Байцы роты супрацьтанкавых стрэльбаў разам з артылерыстамі не раз адбівалі танкавыя атакі ворага. 16 мая 1943г. каля сяла Быкава Курскай вобласці Волахаў І.Я. быў цяжка паранены. Лячэнне праходзіў у эвакашпіталі № 1113 г. Новазыбкаў.


Пра гэты выпадак хочацца расказаць падрабязней. Радкі з награднога ліста: “Лейтэнант Волахаў Іван Якаўлевіч ў час баявых дзеянняў палка 16 ліпеня 1943г., кіруючы ўзводам роты ПТР, пасля ранення камандзіра, прыняў на сябе кіраванне ротай. Наступаючы і адначасова адбіваючы контратакі праціўніка раней за тэрмін са сваёй ротай заняў указаны камандаваннем рубеж праціўніка. У баі асабіста знішчыў некалькі ворагаў, узяў у палон афіцэра. Будучы параненым, не пакінуў поле боя і працягваў камандаваць падраздзяленнем, сваёй мужнасцю і адвагай натхняючы байцоў. Толькі пасля другога ранення быў вывезены з поля боя. Заслугоўвае ўзнагароды ордэнам «Чырвонага Сцяга»”. Загадам ад 17 ліпеня 1943г. лейтэнант Волахаў Іван Якаўлевіч быў узнагароджаны… Але ордэнам “Чырвонай Зоркі”. Захаваўся самаробны фотаальбом ветэрана, невялічкі, памерам 10х17 см, дзе сабраны фотавыявы дарагіх сэрцу людзей. Ёсць некалькі сюжэтных фотаздымкаў, зробленых падчас лячэння ў эвакашпіталях. На старонках альбома мала запісаў пра людзей на фота. Падпісаны імёны толькі да адзіночных фотаздымкаў.



Тут жа ў шпіталі Іван Паўлавіч знайшоў сваё каханне – Казакову Антаніну Міхайлаўну (на фота дзяўчына знізу)



Асаблівай увагай былі акружаны параненыя байцы ў шпіталях. Шматлікія падарункі, цёплыя лісты, напоўненыя падбадзёрлівымі словамі і пачуццём шчырай любові, палягчалі пакуты параненых. Такое пасланне ад хлопчыка з Мінска захавалася і ў нашага земляка.



У апошнія месяцы вайны дывізія Івана Якаўлевіча была перадыслацыравана на Другі Беларускі фронт для ліквідацыі моцнай групіроўкі варожых войск у раёне Кёнігсберга. Пасля па ўзбярэжжу Балтыкі ішлі на Берлін. Бесперапынныя баі... І зноў цяжкае раненне . Лячыўся ўжо на радзіме, у Мінску. Восем месяцаў у шпіталі і пагроза застацца без нагі. Але хірургі зрабілі немагчымае… Пасля Мінску ён яшчэ некаторы час знаходзіўся ў Клецкім шпіталі, куды перавязлі Волахава яго бацькі. Іван Якаўлевіч застаўся ў Клецкім раёне. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працаваў у райкаме партыі. Пасля выхаду на пенсію працягваў актыўную дзейнасць. Часта сустракаўся з прызыўнікамі, школьнікамі, наведваў арганізацыі і прадпрыемствы горада і раёна. Усё далей адыходзяць у мінулае падзеі Вялікай Айчыннай вайны, усё менш становіцца іх сведак і ўдзельнікаў. І парой ужо цяжка зразумець і разабрацца: з якім страшным ворагам змагаўся савецкі народ, і якім коштам нашай Айчыне дасталася Перамога. Таму так важна знайсці і захаваць нават драбніцы інфармацыі пра людзей, якіх ужо няма з намі.

36 просмотров0 комментариев
bottom of page